Дарагія сябры! Вас вітае вёска Багданаўка, дзе размаўляюць пераважна на заходне-палескiм дыялекце і маюць свой уласны краязнаўчы музей. Наш музей заснаваны ў 2005г. Зараз ён налічвае больш чым 250 экспанатаў, у зборы якіх прымалі ўдзел жыхары нашай вёскі.
Гэта - спадчына святая, непрыдуманая, тая,
Што спакон вякоў вялася, што ў сэрцы засталася!
- Нашы людзі ніколі не жылі лёгка. Жыццё церла і мяла, але выжывалі, працавалі да поту, пасмейваліся над сабой, памыляліся і вучыліся. Так і нараджаліся філасофскія адносіны да жыцця і лёсу:
-Вытягай ногы вэдлуг постэлі;
-Трэба жыть як набэжыть;
-“Нэхай” – поганый чоловік, “коб”- добрый;
-Коб умів танчыть, а бэда ділу навчыть.
- Наш “Музей у чамадане”- гэта мужчынскі і жаночы сялянскі строй, драўляны посуд, нацяжычы для абручоў, тканыя вырабы, ярмо для вала і саламяны павук.
- Багданаўскі мужчынскі і жаночы сялянскі касцюм пач. ХХ ст. ужо даследавалі вучні пад кіраўніцтвам настаўніцы бел. мовы і літаратуры Веры Канстанцінаўны Ільючык. Мы толькі яшчэ раз хочам паказаць вам гэты цуд і дзякуем ей за магчымасць зрабіць гэта.
- Сiстэму мужчынскага багданаўскага строю складаюць сорочка, нагавыцы, обуй. Штодзённая сарочка шылася з палатна, пазуха зашпiльвалася на гузiкi. Святочную мужчынскую сарочку вышывалі па пазусе, насiлi навыпуск, пад пояс. Нагавыцы штодзённыя шылiся з палатна, святочныя - з самаробнага цi купленага сукна.
Паўсядзённым абуткам мужчын былi постолы (лапці), святочным - чоботы (боты). Боты вельмi цанiлi і перадавалі ад бацькi сыну. Калі абутак знасіўся, адразалі халявы і неслі да майстра, які шыў боты наступнаму з сям’і.
- Жаночы строй складаюць блюзка, сподныца, хвартух, хустка, обуй. Святочная блюзка светлага колеру цi белая, упрыгожаная арнаментам па пазусе і каўнерыку.
Штодзённая блюзка цёмнага колеру, каўнер тыпу "матроска", упрыгожаны белымi паркалёвымi палоскамi, аздоблена стрычкою.
Святочная сподныца часцей за ўсё светлая альбо белая, штодзенная - цёмная, "ў зборкы”. Часта была "з хвальбоном", упрыгожвалася дэкаратыўным швом – стрычкою.
Святочны хвартух толькi белага колеру, вышыты, "з хвальбоном" па нiзе. Галаўны ўбор - хустка, белая цi светлая .Святочная хустка аздаблялася вышыўкай, карункамi і кутасамi. Завязвалася "пуд бороду", ці "на магер”.
У якасцi штодзённага обую ўжывалiся постолы (лапцi). Вялiкiм святам былi чэрэвыкы (боцiкi) i хромавыя боты.
- У гэтай экспазіцыі размешчаны прылады і прыстасаванні, якія ўжываліся ў працэсе апрацоўкі льну. Лен трапалі, часалі, пралі, звівалі і сукалі ніткі, снавалі кросны, наладжвалі і ткалі. Прылады для апрацоўкі льну: трапачка, грабяні, пралка (потэсь), сукала, матавіла.
У падоўжняй сцяне хаты па вуглах убівалі калочкі і з дапамогай спецыяльнай ручкі снавалі кросны. Потым наснаванае пераносілі на станок, ладзілі кросны і ткалі. Палатно ткалі рознае: грубае радно, для мяхоў, тонкае для бялізны. Вясной палотны выбельвалі прачом і качалі качалкамі.
Гэты ткацкі станок, па - мясцоваму “вэрстать”, і самі кросны наладзілі для нас Савіч Марыя Антонаўна і Савіч Марыя Мацвееўна.
- Прапануем вашай увазе тканыя вырабы:
Палюбуйцеся на цуды! Вам спатрэбяцца ўсюды!
Ручнікі льняныя! На залатых кроснах вытканыя,
На сямі водах вымачаныя,
На дзевяці росах выбеленыя.
Трыма прачамі выпраныя!
Ручнік – адвечны спадарожнік чалавека. На ручнік прымала бабка-павітуха новага чалавека. На спецыяльна вытканым ручніку стаялі маладыя падчас шлюбу ў храме. На іх выносілі з хаты нябожчыка. Перш чым сесці за стол, чалавек скіроўваў позірк на чырвоны кут, дзе знаходзіўся лік Творцы, пакрыты ручніком, і дзякаваў за жыццё і долю.
Збіраючыся ў далёкую дарогу, чалавек браў лусту хлеба, загорнутую ў ручнік. Усё жыццё з ручніком! Нездарма ткаць ручнікі можна было ў пост, калі цела ачышчалася ад бруду, думкі напаўняліся дабром, паводзіны былі стрыманыя і пачцівыя, а душа асветленая. Такі ручнік надзяляў правам стварыць сям’ю, нарадзіць дзяцей і прымаць удзел у абрадах. Да сарака ручнікоў ткалі жанчыны, рыхтуючы пасаг!
А тут радюжкы-самотканкы, в тры ныты пэрэбыранкы!
У прыданэ положыты, коб вік жыты нэ тужыты.
Бо шчы дівка в повыточку, а готуй, маты , по платочку.
Так казалі старыя людзі.
Тут радзюжкі “на пруты”, перабіранкі і больш пазнейшыя – “радугі”. Захоўвалі ў кухрах. У нашым музеі вывешаны на спецыяльнай жэрдачцы пад столлю, якая называецца “насыла”.
- Драўляны посуд:
Эй, панове, сюды йдзіце! На наш посуд паглядзіце!
Дзежкі, бойкі, цэбры, бочкі! Налятайце, галубочкі
У гаспадарцы трэба бочкі на капусту, на гурочкі.
Можна зерне ў іх ссыпаць, квас бярозавы зліваць.
Гэтыя бочачкі для квасу, бражкі ці гарэлкі ў нас называюць “барыла”. Зроблены з дубовай клепкі, каб доўга служылі. Працэс вырабу бочак, цэбраў і дзежак нам расказалі Ільючык Антон Васільевіч, 1943г.н. і Мелюх Канстанцін Аляксеевіч, 1968 г.н., які робіць драўляны посуд і зараз.
Клёпка для бочкі рыхтуецца загадзя і толькі з лісцевых парод дрэў, акрамя бярозы, так як бярозавая клёпка прапускае ваду, як ты яе не падганяй. Самы лепшы матэрыял для бочак і цэбраў – дуб і асіна, у алешавых хутка адгніваюць аторы (ніз).
Для дзежкі бралі любы матэрыял, маслабойкі лепш рабіць з асіны, можна і з алешыны.
- А тут діжка дубова, робота одмыслова
З ліпы габручы. Заказвай, нэ мовчы!
У дэнцэ побухай, частушку послухай :
Ой, дэвочкы моі, сыроіжэчкы,
Посолів бы я вас- нэма діжэчкы!
Гэтая дзежка для бліноў. У дзежках салілі сала і мяса, грыбы, рашчынялі хлеб і бліны, захоўвалі мёд. Для мёду клёпку падганялі асабліва цесна, бо працячэ. А ў кублы нават адзежу складвалі.
Мелюх Ксенія Яўхімаўна, 1936 г.н., успамінае, што ў Вялікі пост, калі не елі малака, яго кіслілі , тапілі, рабілі тварог, адціскалі і складвалі ў дзежкі. Накладуць поўную, зверху маслам замажуць, закрыюць вечкам і стаіць у халодным месцы да самай “спасаўкі”.
Посуда вічна , здорова і практычна!
Як россохнэцца - намочы
А як лопнуть габручы, то возьмы натяжычы
Габручы ты пудтягны – шчы послужать вам воны!
Гэтыя прылады называюцца нацяжычы. Адзін для драўляных абручоў, а другім падцягвалі металічныя. Гаспадар рэгулярна правяраў абручы, каб не лопнулі.
- “Выл бушуе. Выл бушуе – вэсну чуе
Нэ бушуй, воле, нэ бушуй воле - набушуесса
Пыйдэш в поле – нагорэшса…” - спявалі раней жанчыны.
Пры дапамозе вось такога ярма і запрагалі вала. У нас яго называлі бовкунэц. Праўда, гэтае ярмо для невялікага воліка. Напэўна, прывучалі да вупражы.
- Спрадвеку на Беларусі напярэдадні новага году выраблялі саламяных павукоў. Саламянага павука мацавалі да столі над сталом у Чырвоным куце - найбольш святочным месцы ў хаце, хоць гэта больш элемент язычніцтва.
Для вырабу "павука" адбіралі лепшую саломку з апошняга снапа, сабранага з поля. Па вераваннях нашых продкаў, салома захоўвае ў сабе сілу прыроды і перадае яе гаспадарам дома, у павуціне заблытваецца усё негатыўнае, што магло б перашкодзіць шчаслівай плыні сямейнага жыцця.
У канцы года старога павука спальвалі і плялі новы, каб у доме пастаянна панавалі мір і дабрабыт. Гаспадыня пляла вялікі галоўны элемент павука, а дзеці малыя часткі, якія падвешваліся да галоўнага. Саламянага павука падвешвалі і над калысачкай немаўляці . Вывешвалі яго і над галовамі маладых падчас вяселля. Гэтага павука перадала ў музей Ільючык Алена Іванаўна.
- У нашым музеі пабывалі грамадзяне Расіі, Галандыі, Ірландыі, жыхары вёскі, Лунінецкага раёна і Беларусі, выпускнікі школы. У Кнізе ганаровых наведвальнікаў яны аставілі словы захаплення і ўдзячнасці. Мы ганарымся гэтым і запрашаем усіх вас проста пахадзіць сярод гэтых рэчаў і падумаць…
- Ну вось, што зналі – расказалі. А чаго не ведаем – дазнаемся. І вам раскажам. Бо …
Трэба знаты- сэрцэ просыть,
Як батькам, дэдам жылосо...
Як сохою зэмлю дралi,
Як сэрпом загоны жалi...
I свята як святковалi...
Як на вэчорках сповалi...
Трэба знаты шчы й про тэе :
Одэвалі шчо, якэе?
Бэрэглi як, шановалi...
Дiтям волi нэ давалi.
Гэто ж нашэ всэ, святэе!
Нэ прыдуманэе, тэе,
Шчо з вiк вiчного вэлосо,
І ў сэрцы осталосо!
- На развітанне пажадаем:
Будзьце здаровы,
Як рыжыкі баровы.
Майце торбу грошай,
Жывіце ў раскошы.
Прыемнага лета!
Здароўя пры гэтым.
І восені яснай,
І долечкі шчаснай.
Дружна жывіце,
Край свой любіце!
раскрыть » / « свернуть